Курс на развіццё абраны правільны
Т.Ф. Петухова, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Глушанскага ВПК “Дзіцячы сад-школа” — адна з сямі дэлегатаў 4-га Усебеларускага народнага сходу ад нашага раёна. Чаму такі пачэсны гонар выпаў менавіта ёй? Таму што, адзначаюць калегі па працы і ўсе, хто добра ведае Таццяну Фёдараўну — яна гэтага заслугоўвае. І як настаўнік-прафесіянал, і як чалавек сумленны, адказны, неабыякавы да таго, як будзе развівацца краіна ў наступнай пяцігодцы.
Родам Таццяна Фёдараўна з вёскі Брожа нашага раёна. Там прайшло яе дзяцінства, адтуль пайшла ў вялікую дарогу дарослага жыцця, якая ў рэшце рэшт зноў прывяла на малую радзіму, няхай не ў Брожу, але ж на родную Бабруйшчыну. Пасля заканчэння Магілёўскага педагагічнага інстытута Таццяна Фёдараўна навучала дзяцей роднай мове, прывівала ім любоў да беларускай гісторыі, культуры, літаратуры ў Вялікіх Бортніках, Плёсах, Гарбацэвічах. І вось ужо на працягу без малога 20 год у Глушы, куды выйшла замуж і дзе нарадзілася дачушка, цяпер — студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
На запытанне, якое стаўленне сучасных дзяцей да беларускай мовы, мая субяседніца адказала:
— Дзеці любяць родную мову, імкнуцца на ёй размаўляць, хаця б падчас урока. З задавальненнем прымаюць удзел ва ўсемагчымых конкурсах, як раённага, так і абласнога, рэспубліканскага маштабу. Ёсць і добрыя вынікі. Аднак відавочны і цяжкасці ва ўспрыманні беларускай мовы, таму што чуюць яе дзеці мала: асяродак, дзе яна гучыць, вузкі.
Засмучае Таццяну Фёдараўну і той факт, што гадзін, адведзеных на вывучэнне беларускай літаратуры, дзе б гучала роднае слова, стала меней. Хвалюе і пытанне аплаты працы настаўніка непасрэдна ў Глушы: з-за надання населенаму пункту статуса малога горада, педагогі страцілі ў заработнай плаце. Неадкладныя меры, на думку настаўніцы, неабходна прымаць, каб падняць статус і самога педагога, як гэта было раней. Да адбору прэтэндэнтаў у настаўнікі патрабаванні трэба каб былі адпаведныя. Дзяцей павінны навучаць высокаідэйныя, інтэлігентныя людзі. Толькі пры такой умове ад навучання і выхавання будзе плён. А яшчэ настаўнік павінен у першую чаргу навучаць. Цяпер жа ён занадта загружаны работай з паперамі. Падтрымку ў неабходнасці вырашаць усе гэтыя пытанні абраннік свайго калектыву і калектыву настаўнікаў раёна Таццяна Фёдараўна спадзяецца знайсці ва ўдзельнікаў Усебеларускага народнага сходу.
Пры гэтым Т.Ф. Петухава адзначае, як шмат у краіне было зроблена за адыходзячую пяцігодку. Мэтанакіраваная дзяржаўная палітыка па павышэнні ўзроўню жыцця насельніцтва дазволіла павялічыць рэальныя грашовыя даходы грамадзян, выраслі заработная плата і пенсіі. Зменшылася колькасць малазабяспечанага насельніцтва. Знізілася беспрацоўе. Павялічылася працягласць жыцця насельніцтва. Нямала станоўчага адзначана ў сістэме адукацыі. У прыватнасці значна пашырылася матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў. Непасрэдна ў Глушанскай школе з’явіўся сучасны камп’ютарны клас, які дае вучням магчымасць пашыраць свае веды праз сетку інтэрнэт. У класе не толькі новыя камп’ютары, але і неабходная мэбля. З’явіліся і іншыя, так патрэбныя школе рэчы. Прыемна, па словах Таццяны Фёдараўны, і тое, што на будучую пяцігодку першачарговымі задачамі ў сферы адукацыі з’яўляюцца павышэнне яе якасці, стварэнне гнуткай сістэмы падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі кадраў згодна з патрабаваннямі інавацыйнага развіцця, а таксама тое, што палітыка дзяржавы будзе накіравана на стварэнне ўмоў для гарманічнага развіцця маладых грамадзян краіны, актыўнае іх уключэнне ва ўсе сферы жыццядзейнасці.
Час ідзе, краіна развіваецца і прыгажэе, а гэта, на думку дэлегата 4 Усебеларускага народнага сходу, гаворыць пра тое, што курс на развіццё абраны правільны. А калі дзе маюцца недапрацоўкі, то на тое ж яны і дэлегаты, — лічыць Таццяна Фёдараўна, каб сумеснымі намаганнямі іх выправіць.
А ўвогуле, па словах маёй суразмоўцы, быць абранай на народны сход такога высокага маштабу для яе і вялікі гонар, і вялікая адказнасць. Гонар ад таго, што заслужыла давер, што нястомная праца па выхаванні падрастаючага пакалення не засталася незаўважанай, што будзе працаваць разам з прэзідэнтам краіны. Адказнасць — таму што за яе спіной думкі, погляды і меркаванні многіх людзей, яе калег.
Алена КАРПЕНКА.
Фота Дзмітрыя БЕГУНОВІЧА.
- Категории новостей:
- Номер выпуска:

